Дражбітка-Свіна

Спампаваць у фармаце PDF

Код:

Геаграфічныя каардынаты:

Адміністрацыйная прыналежнасць:

Плошча:

Крытэрыі:

Нацыянальны прыродаахоўны статус:

Міжнародны прыродаахоўны статус:

Карта ТВП:

Агульнае апісанне:

Тэрыторыя прадстаўляе сабой адзіны леса-балотны масіў, у якім сустракаюцца ўсе асноўныя тыпы прыродных супольніцтваў, характэрных для Беларускага Паазер’я. У арніталагічных адносінах яна ўяўляе каштоўнасць як натуральны рэзерват рэдкіх відаў, занесеных ў Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь і маючых міжнародны ахоўны статус. З прыродаахоўнага пункту гледжання найбольшы інтарэс выклікае масіў нізінных балот, які цягнецца ўздоўж рэчышча ракі Дражбітка. Практычна ўсе балоты такога тыпу ў рэгіёне былі асушаны ў сярэдзіне дваццатага стагоддзя. Тут пераважаюць адкрытыя асаковыя і маннікавыя асацыяцыі. На поўдні да ўгоддзя прымыкае рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Казьянскі», які мае статус ТВП.

Рэльеф мазаічны: з мацерыковымі дзюнамі, камамі, озавымі градамі і шматлікімі азёрамі, звязанымі між сабой вялікай колькасцю рэк, ручаёў і пратокаў. Па структуры расліннага покрыву тэрыторыя з’яўляецца пераважна лясной. Пераважаюць сасновыя, яловыя і дробналісцёвыя (асінавыя, чорнаальховыя, шэраальховыя, барадаўчатабярозавыя і пушыстабярозавыя) лясы.

Самае буйное возера ўгоддзя – Балныра (плошча 2,7 км2) – праточнае, дыстрофнага тыпу, з глыбінямі да 4 м, моцна зарастае вадзяной і прыбярэжнай расліннацю. Возера забяспечвае асноўныя рэкі ўгоддзя – Дражбітку і Свіну. З ракой Свіна возера злучана каналам, пабудова якога ў канцы 1980-х гадоў прывяла да значнага зніжэння як узроўню самога возера, так і ўзроўню грунтовых вод на суседніх тэрыторыях.

Угоддзе моцна забалочана. Балоты прадстаўлены ўсімі трыма тыпамі, гразкія, большую частку года залітыя вадой, цяжкапраходныя. Пераважаюць пераходны і нізінны тыпы балот, якія ў асноўным і вызначаюць гідралагічны рэжым угоддзя.

Флора ўгоддзя з’яўляецца тыповай для поўначы Беларусі. Увогуле тут пераважаюць барэальныя фларыстычныя элементы.

На сучасным этапе асноўнай формай выкарысання гэтай тэрыторыі з’яўляецца вядзенне лясной гаспадаркі. У сувязі з тым, што мясцовасць моцна забалочана, а дарожная сетка амаль адсутнічае, высечка лесу тут вядзецца толькі на сухіх узвышшах.

Лясы і балоты ўгоддзя выкарыстоўваюцца для палявання, а шматлікія азёры – для прамысловага і аматарскага рыбалоўства. Мясцовае насельніцтва збірае тут грыбы і ягады, лекавыя расліны.

Асноўныя біятопы:

Балоты верхавыя – 45%, лясы – 45%, азёры – 5%, іншыя землі – 5 %.

Птушкі:

Усяго на тэрыторыі патэнцыяльнай ТВП вызначана 13 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь – вялікі бугай Botaurus stellaris, чорны бусел Ciconia nigra, скапа Pandion haliaetus, арлан-белахвост Haliaeetus albicilla, малы арлец Aquila pomarina, арол-маркут Aquila chrysaetos, пардва Lagopus lagopus, шэры журавель Grus grus, пугач Bubo bubo, балотная сава Asio flammeus, жоўтагаловы дзяцел Picoides tridactylus, сярэдні Numenius phaeopus і вялікі Numenius arquata кулёны.

Іншыя групы жывел:

Спалучэнне адкрытых прастораў, лісцёвых і хвойных маладнякоў, балот рознага тыпу і цяжкадаступных град па балотах вызначае багаты фауністычны склад гэтай тэрыторыі. З капытных тут найбольш шматлікая казуля Capreolus capreolus, звычайныя лось Alces alces і дзік Sus scrofa. Берагі рэк і меліяратыўных каналаў насяляюць норка амерыканская Mustela vison і выдра Lutra lutra. У пойменных угоддзях сустракаецца янотападобны сабака Nyctereutes procyonoides, радзей барсук Meles meles. Багатая харчовая база стварае спрыяльныя ўмовы для ваўка Canis lupus, зрэдку адзначаецца рысь Lynx lynx. У рэках і азёрах шматлікі бабёр рачны Castor fiber. Гэтае ўгоддзе з’яўляецца адной з нямногіх ТВП, дзе пастаянна жыве буры мядзведзь Ursus arctos. Усё гэта характарызуе тэрыторыю яшчэ і як важны натуральны рэзерват рэдкіх і гаспадарча каштоўных млекакормячых Беларусі.

Стан рэдкіх відаў птушак:

ВідыСтатусКолькасцьГод/перыяд ацэнкіДакладнасць ацэнкіТрэндыКрытерый ТВП
1Пардвагн+2005-2010П
2Чапля-бугайгн10 с2005-2010Д
3Чорны буселгн10-15 п2005-2010ДB2
4Арлан-белахвостгн1 п2005-2010Д
5Лунь палявыгн6 п2001-2008ЭB2
6Малы арлецгн+2005-2010П
7Арол-маркутгн1 п2005-2010Д
8Скапагн2 п2005-2010Д
9Драчгн20 с2005-2010Д
10Журавель шэрыгн10п2005-2010Э
11Дубальтгн20-30 с2005-2010ЭA1
12Кулён сярэднігн5 п2005-2010Д
13Кулён вялікігн5 п2005-2010Д
14Пугачгн1 пД
15Сыч-сіпельгн5 п2005-2010Д
16Кугакаўка даўгахвостаягн5 п2005-2010Э
17Кугакаўка барадатаягн1 п2005-2010П
18Сава балотнаягн6 п2005-2010Э
19Дзяцел жоўтагаловыгн5 п2005-2010Э

Іншыя рэдкія і знаходзячыеся пад пагрозай знікнення віды:

Расліны: баранец звычайны Huperzia selago, ліннея паўночная Linnaea borealis, тайнік яйцападобны Listera ovata, асака заливаемая Carex paupercula, вярба чарнічная Salix myrtylloides, падвей стройны Eriophorum gracile. Вярба лапландская Salix lapponum і бяроза нізкая Betula humilis занесены у Спіс відаў прафілактычнай аховы. Тут таксама адзначаны сон раскрыты Pulsatilla patens, які мусіць ахоўвацца згодна Бернскай канвенцыі.

Пагрозы:

Найбольшую пагрозу біялагічнай разнастайнасці ТВП уяўляюць вынікі дзейнасці ваеннага палігона, высечка лесу, гідрамеліярацыя і пажары.

Раней ва ўсходняй частцы тэрыторыі знаходзіўся ваенны палігон. Каб забяспечыць яго існаванне, большая частка лясоў была высечана, населеныя пункты знесены, а людзі, якія там жылі, пераселены. Зараз палігон зачынены, а землі перададзены Міністэрству лясной гаспадаркі.

Гідрамеліяратыўныя работы ў межах патэнцыяльнай ТВП праводзіліся ў 70-я гады мінулага стагоддзя, а ў 90-я гады паміж возерам Балныра і ракой Свіна быў прарыты канал. Гэта прывяло да падзення ўзроўню вады ў возеры, змяншэння стоку па рацэ Дражбітка, што адбілася і на стане возера Дрогава, праз якое яна працякае. Зніжэнне ўзроўню грунтовых вод на нізінным балоце, якое прылягае да ракі, узмацніла працэс яго зарастання, а месцамі прывяло да поўнай змены раслінных фармацый.

Рэкамендацыі па захаванню:

Для захавання гэтага ўнікальнага прыроднага комплексу неабходна стварыць рэспубліканскі ландшафтны заказнік. Неабходна таксама распрацаваць план кіравання з акцэнтам на аднаўленне гідралагічнага рэжыму і рэгуляванне гаспадарчай дзейнасці. Патэнцыяльна ўгоддзе можна выкарыстоўваць для развіцця экалагічнага турызму.

Крыніцы інфармацыі:

Асабістыя паведамленні: Іваноўскі У.В.

Скарбы прыроды Беларусi. – Мн.: Беларусь, 2005. – 215 с. (Інфармацыю падрыхтавалі: Іваноўскі У.В., Максіменкаў М.В., Скуратовіч А.М., Навіцкі Р.В.)

Складальнікі :


* Выкарыстанне змешчанай тут неапублікаванай інфармацыі для навуковых публікацый без пісьмовай згоды яе аўтараў забаронена. У выпадку выкарыстання часткі кантэнту або старонкі цалкам на іншых інтэрнет-рэсурсах, абавязковая спасылка на аўтараў і сайт iba.ptushki.org

Фота:

Захавальнікі

Навіны

twitter.com facebook.com vkontakte.ru odnoklassniki.ru mail.ru yandex.ru