Старая Віць
Спампаваць у фармаце PDFКод:
Геаграфічныя каардынаты:
Адміністрацыйная прыналежнасць:
Плошча:
Крытэрыі:
Нацыянальны прыродаахоўны статус:
Міжнародны прыродаахоўны статус:
Карта ТВП:
Агульнае апісанне:
Угоддзе ўяўляе сабой адзін з буйнейшых на Палессі мазаічны комплекс забалочаных лясоў, якія чаргуюцца з невялікімі балотамі, лугамі і занядбанымі палямі. Масіў знаходзіцца ў басейне ракі Віць, левага прытока Прыпяці. Агульны рэльеф тэрыторыі пакаты са слабым ухілам у паўднёвым кірунку. Разнастайнасць плоскаму нізіннаму рэльефу надаюць моцна згладжаныя старажытныя палескія мацерыковыя дзюны.
У структуры дрэвавай расліннасці дамінуюць карэнныя альховыя і саснова-шыракалістыя немаральныя лясы. Асаблівую прыродаахоўную каштоўнасць маюць шыракалістыя дубовыя і ясеневыя супольніцтвы, сярод якіх сустракаюцца дрэвы ва ўзросце 120-160 гадоў. Павышэнні рэльефу, асабліва мацерыковыя дзюны, заняты сасновымі і бярозавымі лясамі, значная доля саснякоў прадстаўлена лесакультурамі.
Практычна ўсе рэкі на тэрыторыі ўгоддзя каналізаваны, а большая частка балот і вільготных зямель асушаны. Тэрыторыя дрэнуецца сеткай каналаў, асабліва моцна разгалінаванай у паўднёвай частцы. У апошнія гады асушальныя сістэмы паступова выходзяць са строю, а землі забалочваюцца. Каналы зараслі воднай расліннасцю і ў многіх месцах перагароджаны бабровымі плацінамі. Тэрыторыі былых торфараспрацовак заліты вадой і знаходзяцца на розных стадыях аднаўлення. Прыбярэжная зона і мелкаводдзі пакрыты трыснягом, берагі параслі рознымі відамі вербаў і маладымі дрэўцамі бярозы пушыстай.
Асноўнай формай выкарыстання ўгоддзя з’яўляецца вядзенне на ім лясной гаспадаркі. На меліяраваных землях ажыццяўляецца сенакашэнне і выпас жывёлы, вырошчваюцца сельскагаспадарчыя культуры. Значныя плошчы выпрацаваных і залітых вадой тарфянікаў выкарыстоўваюцца для рыбнай лоўлі і палявання на вадаплаўную дзічыну.
Буйных населеных пунктаў у межах угоддзя няма. Шэраг вёсак (Старк, Бераснёўка і інш.) зараз з’яўляюцца нежылымі. Праз патэнцыяльную ТВП праходзяць аўтамагістраль і чыгунка, ёсць шэраг дарог з асфальтавым пакрыццём. Тым не менш, большая частка тэрыторыі даступна толькі для тэхнікі павышанай праходнасці.
Асноўныя біятопы:
Лясы – 64%, сельска-гаспадарчыя ўгоддзі – 20%, торфараспрацоўкі (у тым ліку затопленыя і якія не выкарыстоўваюца) – 15%, іншыя землі (населеныя пункты, дарогі і інш.) – 1%.
Птушкі:
Чаргаванне забалочаных алешнікаў з адкрытымі прасторамі стварае ідэальныя ўмовы для жыцця драпежных птушак (арол-вужаед Circaetus gallicus, палявы лунь Circus cyaneus, малы Aquila pomarina і вялікі арляцы Aquila clanga, сокал-кабец Falco subbuteo, сокал-пустальга Falco tinnunculus). Тэрыторыя ўтрымлівае самую буйную ў Беларусі групоўку малога арляца Aquila pomarina. Гняздуюцца тут і іншыя ахоўваемыя віды птушак: чорны бусел Ciconia nigra, шэры журавель Grus grus, зялёная жаўна Picus viridis і беласпінны дзяцел Dendrocopos leucotos.
Іншыя групы жывел:
Разнастайнасць прыродных умоў угоддзя, асабліва наяўнасць буйных лясных масіваў, балот, вадаёмаў і вадацёкаў, а таксама сенакосных лугоў вызначаюць багатую відавую разнастайнасць наземных хрыбетных жывёл. З рэдкіх відаў фауны тут сустракаюцца соня арэшнікавая Muscardinus avellanarius, барсук Meles meles і выдра Lutra lutra. Каналы і рэкі насяляе бабёр рачны Castor fiber.
Стан рэдкіх відаў птушак:
№ | Віды | Статус | Колькасць | Год/перыяд ацэнкі | Дакладнасць ацэнкі | Трэнды | Крытерый ТВП |
---|---|---|---|---|---|---|---|
1 | Чорны бусел | гн | + | 2004 | П | ||
2 | Арол-вужаед | гн | 7 п | 2004 | Д | B2 | |
3 | Лунь палявы | гн | 4 п | 2004 | Д | ||
4 | Малы арлец | гн | 28-30 п | 2004 | Д | B2 | |
5 | Арлец вялікі | гн | 0-1 п | 2004 | Д | ||
6 | Сокал-пустальга | гн | + | 2004 | П | ||
7 | Сокал-кабец | гн | + | 2004 | П | ||
8 | Журавель шэры | гн | + | 2004 | П | ||
9 | Жаўна зялёная | гн | + | 2004 | П | ||
10 | Дзяцел беласпінны | гн | + | 2004 | П |
Іншыя рэдкія і знаходзячыеся пад пагрозай знікнення віды:
Нягледзячы на значную плошчу ўгоддзя, колькасць рэдкіх і ахоўваемых раслін тут невысокая, што звязана з праведзеным раней асушэннем гэтай тэрыторыі. Сярод відаў-чырвонакніжнікаў адзначаны цыбуля мядзведжая Allium ursinum і зубніца клубняносная Dentaria bulbifera, а таксама смалёўка літоўская Silene lithuanica, ахова якой прадугледжана Бернскай канвенцыяй.
Пагрозы:
Асноўнымі формамі антрапагеннай нагрузкі з’яўляюцца высечкі лесу, торфаздабыча і выпас жывёлы. Зніжэнне ўзроўню грунтовых вод у выніку асушэння тэрыторыі прывяло да павялічэння рызыкі ўзнікнення пажараў.
Высечкі лесу носяць інтэнсіўны характар. У найбольшай меры ад іх панеслі страты самыя каштоўныя ў фларыстычных адносінах карэнныя шыракалістыя лясы.
У другой палове мінулага стагоддзя тэрыторыя патэнцыяльнай ТВП перанесла значнае асушэнне для сельскагаспадарчых мэтаў і здабычы торфу. Пасля скарачэння гаспадарчага выкарыстоўвання па прычыне забруджвання зямель радыёнуклідамі на асушаных тэрыторыях паўсюдна адбываецца паўторнае забалочванне асушаных тэрыторый.
Ад тарфяных пажараў нясуць страту, у першую чаргу, участкі лясоў і балот, на якіх працягвае дзейнічаць асушальная сетка і, як вынік, застаецца нізкі ўзровень грунтовых вод.
Рэкамендацыі па захаванню:
Для аднаўлення і захавання лясоў і балот тэрыторыі у натуральным стане неабходна стварыць тут рэспубліканскі ландшафтны заказнік са строгай рэгламентацыяй гаспадарчай дзейнасці. Патрабуецца таксама правесці мэтанакіраваныя работы па аптымізацыі гідралагічнага рэжыму пажаранебяспечных участкаў.
Крыніцы інфармацыі:
Скарбы прыроды Беларусi. – Мн.: Беларусь, 2005. – 215 с. (Інфармацыю падрыхтавалі: Дамброўскі В.Ч., Жураўлёў Д.В., Максіменкаў М.В., Скуратовіч А.М., Навіцкі Р.В.)
Складальнікі :
* Выкарыстанне змешчанай тут неапублікаванай інфармацыі для навуковых публікацый без пісьмовай згоды яе аўтараў забаронена. У выпадку выкарыстання часткі кантэнту або старонкі цалкам на іншых інтэрнет-рэсурсах, абавязковая спасылка на аўтараў і сайт iba.ptushki.org
Фота:
Захавальнікі
- Стань захавальнікам
- Паведаміць пра пагрозу
- Візіт-зварот
- Матэрыялы для захавальнікаў
- Хто такія захавальнікі ТВП
- Спіс захавальнікаў