Бярэзіна-Гайна
Спампаваць у фармаце PDFКод:
Геаграфічныя каардынаты:
Адміністрацыйная прыналежнасць:
Плошча:
Крытэрыі:
Нацыянальны прыродаахоўны статус:
Міжнародны прыродаахоўны статус:
Карта ТВП:
Агульнае апісанне:
ТВП уключае ў сябе поўны спектр поймавых біяцэнозаў, характэрных для цэнтральнай часткі Беларусі. Угоддзе размешчана ў поймах рэк Бярэзіна і Гайна ад возера Палік на поўначы да ўпадзення ў Гайну ракі Цна на поўдні. Шырыня пойм рэк складае 1,5-3 км. У поймах пераважаюць нізінныя купіністыя асаковыя балоты і забалочаныя лугі, месцамі моцна парослыя хмызнякамі. Па краях пойм на слаба выяўленых поймавых тэрасах растуць забалочаныя лясы, у асноўным ольсы і ельнікі. Невялікую плошчу ў басейне ракі Гайна займаюць пераходныя сфагнавыя балоты.
Працягласць ракі Бярэзіна ў межах угоддзя складае 12 км, ракі Гайна – 24 км. Гідралагічны рэжым рэк характрызуецца высокай непрацяглай веснавой паводкай і нізкай летняй межанню. У паводку пойма затапляецца на перыяд ад 10-20 сутак да 1,5-2 месяцаў, вышыня паводкі вар’іруе ад 0,5 да 2 м. Рэчышчы звілістыя, на Бярэзіне са шматлікімі старыцамі.
Угоддзе характарызуецца нізкім узроўнем гаспадарчага выкарыстоўвання. Поймавыя лугі Бярэзіны часткова выкошваюцца. У пойме Гайны сенакашэнне вядзецца пераважна ў месцы яе ўпадзення ў Бярэзіну і каля паўднёвых межаў ТВП. На ўзвышшах у пойме Бярэзіны пасецца жывёла. Тут жа знаходзіцца шэраг невялікіх тарфянікаў, але іх распрацоўка не вядзецца.
Практычна ўся тэрыторыя выкарыстоўваецца для палявання, а рэкі Бярэзіна, Гайна і шматлікія старычныя азёры – для рыбалкі мясцовымі і прыезджымі рыбаловамі. У межах ТВП знаходзіцца паркава-маёнткавы комплекс «Весялова». Зараз ён выкарыстоўваецца як база адпачынку. Тут жа знаходзіцца пасека і пляцоўка для коннага спорту.
Асноўныя біятопы:
Шырокалісцева-іглічныя лясы - 60%, хмызнякі – 5%, поймавыя вільготныя лугі – 20%, рэкі і іх узбярэжжа – 4% сельгасугоддзі – 10%, населеныя пункты – 1%.
Птушкі:
Прыродаахоўная каштоўнасць тэрыторыі вызначаецца, у першую чаргу, гнездаваннем тут глабальна пагражаемых відаў птушак. Тут адзначаны на гнездаванні некалькі такіх відаў птушак: вялікі арлец Aquilaclanga, дубальт Gallinagomedia, вяртлявая чаротаўка Acrocephaluspaludicola, вялікі грыцук Limosa limosa. Акрамя таго, угоддзе з'яўляецца важным месцам гнездавання для шэрагу водна-балотных птушак, а ў веснавы перыяд мае выключнае значэнне для адпачынку і кармёжкі мігрыруючых гусей, качак і кулікоў.
Іншыя групы жывел:
Звяры: буры мядзведзь Ursusarctos, еўрапейская рысь Lynxlynx, барсук Melesmeles, стронга ручаёвая Salmotruttamorphafario.
Насякомыя: жужаль рашэцісты Carabuscancellatus, жужаль фіялетавы Carabusviolaceus, жужаль шчыгрынавы Carabuscoriaceus, бражнік Празерпіна Proserpinusproserpina, паўлінава вока малое начное Eudiapavonia, мядзведзіца-гаспадыня Pericalliamatronula, чмель мохавы Bombusmuscorum.
Расліны: баранец звычайны Huperziaselago, лілея царскія кучары Liliummartagon, чына горная Lathyrusmontanus, пылкагалоўнік чырвоны Cephalantherarubra, касач сібірскі Irissybirica, пальчастакарэннік балтыйскі Dactylorhizabaltica, шпажнік чарапіцавы Gladiolusimbricatus.
Стан рэдкіх відаў птушак:
№ | Віды | Статус | Колькасць | Год/перыяд ацэнкі | Дакладнасць ацэнкі | Трэнды | Крытерый ТВП |
---|---|---|---|---|---|---|---|
1 | Гусь шэрая | гн | 0-5 п | 2006-2011 | П | ||
2 | Качка-шылахвостка | мг | + | 2006-2011 | П | ||
3 | Качка-чырка | гн | 250-300 п | 2006-2011 | Э | ↓ | B2 |
4 | Савук-луток | мг | + | 2006-2011 | П | ||
5 | Савук вялікі | мг | + | 2006-2011 | П | ||
6 | Чапля-бугай | гн | 5-8 с | 2006-2011 | П | ||
7 | Чапля вялікая белая | мг | + | 2006-2011 | П | ||
8 | Чорны бусел | гн | 2-4 п | 2006-2011 | Э | ↔ | |
9 | Каршун чорны | гн | 1-2 п | 2006-2011 | Д | ↔ | |
10 | Арлан-белахвост | мг | 2-5 ас | 2006-2011 | П | ||
11 | Арол-вужаед | гн | 2-4 п | 2006-2011 | Э | ↔ | |
12 | Лунь палявы | мг | + | 2006-2011 | П | ||
13 | Малы арлец | гн | 2-4 п | 2006-2011 | Э | ↔ | |
14 | Арлец вялікі | гн | 2 п | 2008-2011 | Д | ↔ | A1 |
15 | Скапа | мг | + | 2006-2011 | П | ||
16 | Пагоніч звычайны | гн | 250-400 с | 2006-2011 | Э | ↔ | B3 |
17 | Драч | гн | 200 с | 2006-2011 | Э | ↔ | |
18 | Журавель шэры | мг | + | 2006-2011 | П | ||
19 | Баталён | мг | 500-1500 ас | 2006-2011 | П | ||
20 | Дубальт | гн | 15-25 с | 2004 | Э | ↔ | A1 |
21 | Грыцук вялікі | гн | 15-25 п | 2009 | П | ↔ | A1 |
22 | Чайка малая | гн | 10-20 п | 2007, 2011 | Д | ↓ | B2 |
23 | Чайка шызая | мг | + | 2006-2011 | П | ||
24 | Рыбачка чорная | гн | 50-100 п | 2006-2011 | Э | ↓ | B2 |
25 | Чаротаўка вяртлявая | гн | 3 с | 2006 | Д | ↓ | |
26 | Чаротаўка вяртлявая | гн | 0 с | 2007-2010 | Д | ↓ |
Іншыя рэдкія і знаходзячыеся пад пагрозай знікнення віды:
Пагрозы:
Сістэма гаспадарання, якая гістарычна склалася на гэтай тэрыторыі, у многім вызначыла стан прыродных супольніцтваў. Сенакакшэнне і выпас жывёлы спрыялі захаванню адкрытых участкаў поймы. Змяншэнне сенакосных плошчаў, асабліва заўважнае ў апошнія гады, вядзе да зарастання поймы хмызнякамі, што зніжае плошчу найбольш каштоўных у прыродаахоўным плане поймавых лугоў і балот.
Пажары перыядычна ўзнікаюць у лясах угоддзях, а ў засушлівыя гады і ў пойме. Асноўнымі прычынамі пажараў з'яўляецца неасцярожнае абыходжанне з агнём, а таксама веснавыя палы на лугах, якія праводзяць мясцовыя жыхары.
Пэўную пагрозу ўяўляе дачнае будаўніцтва, якое вядзецца на павышаных участках поймы. У апошнія гады ўзнік невялікі дачны пасёлак у наваколлі вёскі Весялова на правым беразе Бярэзіны.
Адмоўнае ўздзеянне на стан фауны аказваюць незаконныя паляванне і рыбная лоўля, выпадкі якіх здараюцца даволі часта. У выніку браканьерства колькасць асноўных гаспадарча-каштоўных жывёл застаецца значна ніжэй біялагічнай ёмкасці ўгодзя.
Рэкамендацыі па захаванню:
Для захавання флоры і фауны гэтай тэрыторыі трэба ў межах ТВП стварыць рэспубліканскі заказнік. Гэта дасць магчымасць захаваць экалагічны калідор і месцы гнездавання рэдкіх відаў.
Крыніцы інфармацыі:
Асабістыя паведамленні: Дамброўскі В.Ч., Мангін Э.А., Левы С.В.
Скарбы прыроды Беларусi. – Мн.: Беларусь, 2005. – 215 с. (Інфармацыю падрыхтавалі: Астроўскі А.А., Дамброўскі В.Ч., Максіменкаў М.В., Навіцкі Р.В., Натыканец В.У., Скуратовіч А.М., Юрко В.В.)
Mongin, E. 2008. Great snipe population, habitat management andconservation aspects in Belarus: a review. In: Economical, social and cultural aspects in biodiversity conservation. Proceedings of the 1st North Vidzeme Biosphere Reserve international scientific conference of 23 November, 2006, Valmiera, Latvia. (eds: Opermanis, O., Whitelaw, G.). Press of the University of Latvia. Pp.31-38.
Mongin, E., Bogutski, Y., and N., Cherkas. 2009. Monitoring of the Great Snipe and the Black Grouse in Specially Protected Nature Territories. In: Sustainable Planning Instruments and Biodiversity Conservation. Proceedings of the 2nd North Vidzeme Biosphere Reserve and Vidzeme University of Applied Sciences International Scientific Conference of 13-14 November, 2008, Valmiera, Latvia. (ed. Livina, A.). Press of the University of Latvia. Pp.62-72.
Складальнікі :
* Выкарыстанне змешчанай тут неапублікаванай інфармацыі для навуковых публікацый без пісьмовай згоды яе аўтараў забаронена. У выпадку выкарыстання часткі кантэнту або старонкі цалкам на іншых інтэрнет-рэсурсах, абавязковая спасылка на аўтараў і сайт iba.ptushki.org
Фота:
Захавальнікі
- Стань захавальнікам
- Паведаміць пра пагрозу
- Візіт-зварот
- Матэрыялы для захавальнікаў
- Хто такія захавальнікі ТВП
- Спіс захавальнікаў