Хаваншчына
Спампаваць у фармаце PDFКод:
Геаграфічныя каардынаты:
Адміністрацыйная прыналежнасць:
Плошча:
Крытэрыі:
Нацыянальны прыродаахоўны статус:
Міжнародны прыродаахоўны статус:
Карта ТВП:
Агульнае апісанне:
ТВП з’яўляецца адным з месцаў гнездавання глабальна пагражаемага віду птушак – вялікага арляца Aquila clanga і ўяўляе сабой буйны масіў забалочаных лясоў, размешчаны між заказнікам «Спораўскі» і аўтамагістраллю Брэст – Масква.
Асноўным кампанентам у структуры раслінных супольніцтваў з’яўляюцца дробналісцёвыя лясы – забалочаныя бярэзнікі і альшанікі. Значная іх частка ў розны час была асушана, што прывяло да замены натуральных фітацэнозаў на меліярацыйна-вытворныя асацыяцыі. Ва ўзроставай структуры лясоў пераважаюць прыспяваючыя і даспелыя дрэвастоі. На слаба выяўленых мінеральных астравах сярод балот растуць шырокалісцёвыя лясы з багатым грабавым падлескам і перавагай у верхнім ярусе ясеня звычайнага і дуба чарэшчатага. Узрост асобных дрэў перавышае 150 гадоў.
Аснову гідралагічнай сеткі ўгоддзя складаюць меліярацыйныя каналы, вада па якіх сцякае як у паўночным, так і ў паўднёвым напрамках. У заходняй частцы ТВП знаходзяцца асушаныя і выпрацаваныя тарфянікі. Зараз эксплуатацыя іх спынена, каналы-калектары часткова перакрыты і пачаўся працэс натуральнага забалочвання гэтых тэрыторый. Паўднёвая мяжа ўгоддзя прымыкае да возера Чорнае.
Асноўныя тыпы выкарыстоўвання ўгоддзя – лесагаспадарчае і паляўнічае. У заходняй частцы ТВП знаходзяцца невялікія пясчаныя кар’еры. У лясах мясцовыя жыхары збіраюць ягады і грыбы. Шматлікія населеныя пункты знаходзяцца ў асноўным па перыметры ляснога масіва. На навакольных сельскагаспадарчых землях вядзецца сенакашэнне, выпас жывёлы, радзей вырошчваюцца прапашныя культуры.
У цэнтральнай частцы ўгоддзя на мінеральным востраве сярод балота знаходзіцца мемарыяльны комплекс «Хаваншчына». Тут у перыяд Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся штаб партызанскага руху Брэсцкай вобласці. Комплекс уключае ў сябе мемарыяльны помнік, адноўленыя зямлянкі, драўляныя пабудовы і інфармацыйныя стэнды. Да яго вядзе пешаходны мосцік, з якога адкрываецца від на тыповыя балотныя ландшафты.
Асноўныя біятопы:
Лясы – 75% (большая частка гэта дробналісцёвыя лясы), другасна забалочаныя тарфянікі – 22%, рудэральныя і землі, якія не выкарыстоўваюцца – 3%.
Птушкі:
У белаазёрскім лясным масіве жыве групоўка глабальна пагражаемага віду птушак – вялікага арляца Aquila clanga. Яго паляўнічымі ўгоддзямі з’яўляюцца лугі на ўсходняй ускраіне возера Чорнае, забалочаныя лесасекі ў глыбіні ляснога масіва і старыя торфараспрацоўкі. Зараз мясцовая папуляцыя вялікага арляца знаходзіцца ў крытычным стане, паколькі гаспадарчае выкарыстоўванне ўгоддзяў вядзецца без уліку экалагічных патрабаванняў гэтага віду.
З іншых рэдкіх відаў птушак тут гняздуюцца чорны бусел Ciconia nigra, шэры журавель Grus grus, пугач Bubo bubo, барадатая кугакаўка Strix nebulosa і беласпінны дзяцел Dendrocopos leucotos. Возера Чорнае і старыя забалочаныя торфараспрацоўкі з’яўляюцца месцам гнездавання многіх водна-балотных птушак (вялікі бугай Botaurus stellaris, качка-чырка Anas querquedula, качка-лапаноска Anas clypeata, малы пагоніч Porzana parva, салаўіны цвыркун Locustella luscinioides). З усходу да ўгоддзя прымыкаюць меліяраваныя землі, занятыя ў асноўным пасевамі шматгадовых траў. Гэта стварае спрыяльныя ўмовы для пражывання такіх відаў як драч Crex crex, вялікі кулён Numenius arquata, балотная сава Asio flammeus. На гэтым участку ў летні час у 2003 годзе адзначаўся непалаваспелы арол-маркут Aquila chrysaetos.
Іншыя групы жывел:
З буйных млекакормячых на ТВП сустракаюцца лось Alces alces, дзік Sus scrofa, казуля Capreolus capreolus, высакародны алень Cervus elaphus, а таксама большасць характэрных для Беларусі прадстаўнікоў драпежных жывёл. Па берагах вадаёмаў і каналаў звычайны бабёр рачны Castor fiber і андатра Ondatra zibethica. З ахоўваемых відаў адзначаны барсук Meles meles і рысь Lynx lynx.
Стан рэдкіх відаў птушак:
№ | Віды | Статус | Колькасць | Год/перыяд ацэнкі | Дакладнасць ацэнкі | Трэнды (2000-2010) | Крытерый ТВП |
---|---|---|---|---|---|---|---|
1 | Чапля-бугай | гн | + | 2006-2010 | П | ||
2 | Чапля вялікая белая | гн | 20 п | 2010 | П | ↑ | |
3 | Чорны бусел | гн | 3 п | 2009 | Д | ||
4 | Арлан-белахвост | гн | 1 п | 2009 | Д | ||
5 | Лунь палявы | гн | 12 п | 2006-2010 | Э | B2 | |
6 | Малы арлец | гн | 4 п | 2010 | Д | ||
7 | Арлец вялікі | гн | 2 п | 2010 | Д | ↓ | A1 |
8 | Арол-маркут | зал | 1 ас | 2003 | П | ||
9 | Пагоніч малы | гн | + | 2006-2010 | П | ||
10 | Драч | гн | + | 2006-2010 | П | ||
11 | Журавель шэры | гн | + | 2006-2010 | П | ||
12 | Кулён вялікі | гн | + | 2006-2010 | П | ||
13 | Пугач | гн | > 4 п | 2006-2010 | Д | ||
14 | Кугакаўка барадатая | гн | > 5 п | 2006-2010 | Д | ||
15 | Сава балотная | гн | + | 2006-2010 | П | ||
16 | Дзяцел беласпінны | гн | + | 2006-2010 | П | ||
17 | Арол-вужаед | гн | 2-3 п | 2006 | Д |
Іншыя рэдкія і знаходзячыеся пад пагрозай знікнення віды:
Расліны: зубніца клубняносная Dentaria bulbiferа, венерын чаравічак звычайны Cypripedium calceolus, сон раскрыты Pulsatilla patens, чараўнік зяленакветковы Platanthera chlorantha, цыбуля мядзведжая Allium ursinum.
Пагрозы:
Асноўныя неспрыяльныя фактары, якія ўздзейнічаюць на натуральныя прыродныя супольніцтвы ТВП, звязаны з гідрамеліярацыяй, праведзенай тут у 60–70-я гады мінулага стагоддзя. Яна выклікала змены ў структуры лясных супольніцтваў і скарачэнне біяразнастайнасці.
Сезоннае пераразмеркаванне стоку вады прывяло, з аднаго боку, да інтэнсіўных веснавых паводак і, з другога, да засухаў у летні перыяд. Пры дэфіцыце вільгаці тут часта ўзнікаюць лясныя пажары.
Высечкі лесу у першую чаргу ўяўляюць пагрозу для старых шырокалісцёвых лясоў, багатых на рэдкія віды жывёл і раслін.
Пэўнае адмоўнае уздзеянне аказвае і дачнае будаўніцтва. Надзелы мяжуюць непасрэдна з лесам, што ў перыяд размнажэння стварае значны фактар непакою для звяроў і птушак.
Рэкамендацыі па захаванню:
Для захавання гэтай тэрыторыі неабходна прыдаць ёй статус рэспубліканскага заказніка. У бліжэйшы час шляхам афармлення ахоўных абавязкаў неабходна ўзяць пад ахову найбольш каштоўныя мінеральныя грады, дзе адзначаны рэдкія віды жывёл і раслін.
Акрамя гэтага, патрэбна правесці комплекс работ па аптымізацыі гідралагічнага рэжыму тэрыторыі, што паскорыць працэс аднаўлення на ёй натуральных прыродных супольніцтваў.
Пры планаванні дачнага будаўніцтва трэба ўлічваць экалагічныя патрэбы ахоўваемых відаў жывёл і раслін.
Крыніцы інфармацыі:
Асабістыя паведамленні: Дамбоўскі В.Ч.
Скарбы прыроды Беларусi. – Мн.: Беларусь, 2005. – 215 с. (Інфармацыю падрыхтавалі: Дамброўскі В.Ч., Максіменкаў М.В., Скуратовіч А.М., Навіцкі Р.В.)
Складальнікі :
* Выкарыстанне змешчанай тут неапублікаванай інфармацыі для навуковых публікацый без пісьмовай згоды яе аўтараў забаронена. У выпадку выкарыстання часткі кантэнту або старонкі цалкам на іншых інтэрнет-рэсурсах, абавязковая спасылка на аўтараў і сайт iba.ptushki.org
Фота:
Захавальнікі
- Стань захавальнікам
- Паведаміць пра пагрозу
- Візіт-зварот
- Матэрыялы для захавальнікаў
- Хто такія захавальнікі ТВП
- Спіс захавальнікаў