Балота Марочна

Спампаваць у фармаце PDF

Код:

Геаграфічныя каардынаты:

Адміністрацыйная прыналежнасць:

Плошча:

Крытэрыі:

Нацыянальны прыродаахоўны статус:

Міжнародны прыродаахоўны статус:

Карта ТВП:

Агульнае апісанне:

Балота Марочна – адно з трох буйнейшых верхавых балот, якія захаваліся ў натуральным стане на Палессі пасля асушальнай меліярацыі. Гэта самае старажытнае балота Беларусі – яго фарміраванне пачалося каля 10 тысяч гадоў назад. Паўднёвая і заходняя часткі балота, маюць трансгранічны характар (размешчаны ў межах Беларусі і Украіны).

Большасць балотных масіваў, якія знаходзяцца навокал яго, зараз асушана для здабычы торфу.

Марочна – тыповае верхавое балота, якое знаходзіцца на водападзеле. У яго не ўпадае ніводнай рэчкі, і воднае забеспячэнне ажыццяўляецца за кошт атмасферных ападкаў. Амаль з усіх бакоў балота абкружана лясамі. Па краях балота размешчана некалькі масіваў унікальных старых ельнікаў. Іх цэннасць заключаецца ў тым, што яны ўяўляюць сабой абасобленыя астравы на значнай адлегласці ад мяжы суцэльнага распаўсюджання елкі. Ва ўсходняй і цэнтральнай частках балота знаходзіцца шэраг буйных парослых лесам мінеральных астравоў. Таўшчыня тарфяной залежы больш 2 метраў. Пераважаюць верхавы і пераходны тыпы балот.

На большай частцы балота гідралагічны рэжым блізкі да натуральнага – узровень грунтовых вод у гады з сярэдняй колькасцю ападкаў, блізкі да нуля, а яго ваганні складаюць + 20 см. У пачатку 1950-х гадоў на балоце было пракопана некалькі асушальных каналаў агульнай даўжынёй каля 20 км, якія да нашага часу паспяхова дрэнуюць балота. У паўночнай частцы балота гідралагічны рэжым цалкам парушаны ў выніку здабычы торфу.

У 1920-1930-я гады, па сведчаннях польскіх даследчыкаў, балота было пераважна адкрытым. Пасля пракладання каналаў яно пачало інтэнсіўна зарастаць балотнай сасной, і ў наш час найбольш значныя для біяразнастайнасці адкрытыя бязлесныя ўчасткі захаваліся толькі ў паўднёва-усходняй частцы балотнага масіву.

У складзе флоры выяўлена 5 відаў дзеразы, 6 хвашчоў, 8 папаратнікаў, 3 голанасенных і 527 пакрытанасенных раслін.

Збор журавін на адным з буйнейшых журавіннікаў — балоце Марочна, — з’яўляецца важнай крыніцай прыбытку для больш чым 5000 сем’яў, якія жывуць у навакольных вёсках.

Асноўныя біятопы:

Верхавыя балоты – 50%, лясы (пераважна сасновыя) – 45%, іншыя землі – 5%.

Птушкі:

112 відаў птушак (100 відаў гняздуюцца, 12 адзначаюцца пад час міграцыі). Прыродаахоўная каштоўнасць угоддзя вызначаецца, у першую чаргу, наяўнасцю на гнездаванні шэрагу рэдкіх і ахоўваемых відаў птушак, якія занесены ў нацыянальную Чырвоную кнігу і маюць высокі еўрапейскі ахоўны статус (SPEC): шэры журавель Grus grus, чорны бусел Ciconia nigra, палявы лунь Circus cyaneus, арол-вужаед Circaetus gallicus, сокал-пустальга Falco tinnunculus, сокал-кабец Falco subbuteo, вялікі грыцук Limosa limosa, вялікі кулён Numenius arquata, беласпінны Dendrocopos leucotos і жоўтагаловы Picoides tridactylus дятлы.

Іншыя групы жывел:

Адзначана 30 відаў млекакормячых, 7 — паўзуноў і 8 – земнаводных. У межах балотнага масіву і па яго перыферыі адзначаны амаль усе буйныя абарыгенныя капытныя – лось Alces alces, дзік Sus scrofa і казуля Capreolus capreolus. Іх колькасць невысокая, што абумоўлена асаблівасцямі біяцэнатычнай структуры гэтай тэрыторыі. У ельніках, якія прымыкаюць да балота, адзначаны рэдкі для Палескага рэгіёна заяц-бяляк Lepus timidus. Такім чынам, тэрыторыя з’яўляецца адным з самых паўднёвых участкаў распаўсюджання гэтага віду.

З ахоўваемых у Беларусі жывёл зарэгістраваны еўрапейская рысь Felis linx, барсук Meles meles, балотная чарапаха Emys orbicularis і мядзянка Coronella austriaca. Даволі верагодным выглядае і пражыванне ў заказніку ахоўваемых відаў кажаноў, аднак даследаванні гэтай групы млекакормячых не праводзіліся.

Стан рэдкіх відаў птушак:

ВідыСтатусКолькасцьГод/перыяд ацэнкіДакладнасць ацэнкіТрэнды (2006-2010)Крытерый ТВП
1Чорны буселгн+2006П
2Арол-вужаедгн4-6 п2010-2011ЭB2
3Лунь палявыгн+2006П
4Сокал-пустальгагн+2006П
5Сокал-кабецгн+2006П
6Грыцук вялікігн2-5 п2010Э
7Кулён вялікігн2-5 п2010-2011Э
8Ляляк звычайныгн350-500 с2006ЭB3
9Дзяцел беласпінныгн+2006П
10Дзяцел жоўтагаловыгн+2006П

Іншыя рэдкія і знаходзячыеся пад пагрозай знікнення віды:

Расліны: кадзіла сармацкае Mellitis sarmatica, мнаганожка звычайная Polypodium vulgare, лікападыела заліваемая Lycopodiella inundata, жаўтазель германскі Genista germanica, расніца прамежкавая Drosera intermedia, асака малакветкавая Сarex pauciflora, вярба чарнічная Salix myrtilloides, журавiны дробнаплодныя Оxycoccusmicrocarpus, хамарбiя балотная Нammarbyapaludosa.

Пагрозы:

Асноўнымі неспрыяльнымі фактарамі, якія ўздзейнічаюць на натуральныя прыродныя супольніцтвы ўгоддзя, з’яўляюцца здабыча торфу, звязаннае з ім змяненне гідралагічнага рэжыму, пажары і высечка лясоў.

Торфараспрацоўка і змяненне гідралагічнага рэжыму.

З поўначы да ўгоддзя прымыкае ўчастак торфапрадпрыемства «Глінка». У бліжэйшы час да яго плануецца далучыць яшчэ дзве пляцоўкі агульнай плошай 160 га і буферную зону плошчай 40 га, якая будзе непасрэдна прылягаць да межаў патэнцыяльнай ТВП. Глыбіня меліярацыйных каналаў па перыметру торфараспрацоўкі складае 3-3,5 м, шырыня – 4,0-5 м. У вясенне-летні перыяд узровень вады ў іх на 2,5 м ніжэй паверхні глебы.

Асушэнне тэрыторыі ў выніку работы торфапрадпрыемства прывяло да цэлага шэрагу адмоўных вынікаў: на плошчы каля 500 га адбылася замена асакова-сфагнавых асацыяцый верасовымі.На ўсім балотным масіве значна знізілася колькасць цецерука; амаль цалкам зніклі калоніі вялікага кулёна (у 1980 г. — 45 пар, у 2003 г. – 3 пары); на парушанай тэрыторыі зніклі ахоўваемыя віды птушак – шэры журавель, малы арлец і арол-вужаед, звычайныя ў аналагічных натуральных біятопах на поўдні масіва.На трансфармаваных участках практычна цалкам зніклі рэліктавыя травяністыя асацыяцыі шэйхцэрыі балотнай і чаротніка белага, а таксама рэдкая і ахоўваемая ў Беларусі асака малакветкавая, у той час як у натуральных балотных біятопах яны па-ранейшаму сустракаюцца. Асабліва моцна дэградзіравала балотная расліннасць у 100-метровай паласе ўздоўж торфапляцоўкі. Высыханне верхняга слою глебы месцамі прывяло да ўтварэння адкрытых, цалкам пазбаўленных травяністай расліннасці ўчасткаў.

Высечка лясоў.

Высокаўзроставыя лясы, перспектыўныя ў сэнсе высечкі, размешчаны альбо па перыферыі балотнага масіву, альбо па астравах сярод балота. Гэтыя лясы з’яўляюцца рэзерватамі для цэлага шэрагу рэдкіх відаў жывёл і раслін, што неабходна ўлічваць пры вядзенні гаспадарчай дзейнасці.

Пажары на тэрыторыі балотнага масіву адносяцца да адной з найбольш істотных пагроз. За апошнія дзесяцігоддзі яны ўзнікалі тут даволі рэгулярна і ахоплівалі плошчы ў некалькі соцень гектараў. Пажары прывялі да высыхання сасны на балоце, месцамі да парушэння наглебавага покрыва, і, адпаведна, да зніжэння біялагічнай разнастайнасці. Асноўная прычына ўзнікнення тарфяных пажараў – зніжэнне ўзроўню грунтовых вод.

Рэкамендацыі па захаванню:

Спыненне працы торфапрадпрыемства “Глінка”, льбо пераарыентацыя яго працы на перапрацозку сухой расліннасці, і вербалозу і выраб з гэтых нявычырпальных крыніц сыравіны пелет.

Абмежаванне высечкі стараўзроставых лясоў, у першую чаргу яловых.

Усталяванне спецыяльнаг рэжыму аховы месцаў гнездавання ахоўваемых відаў.

Вярубванне хмызнякоў і дрэў ў месцах дзе захаваліся адкрытыя балоты.

Акрамя таго, неабходна распрацаваць і рэалізаваць мерапрыемствы, накіраваныя на аптымізацыю гідралагічнага рэжыму ўгоддзя і выключэння негатыўнага ўплыву на яго торфазадабычы, а таксама правесці паўторнае забалочванне выпрацаваных тарфянікаў.

Крыніцы інфармацыі:

Асабістыя паведамленні: Абрамчук А.В., Груммо Д.Г., Зеленкевич Н.А., Кіцель Д., Левы С.В., Скуратович А.Н., Созинов О.В.

Скарбы прыроды Беларусi. – Мн.: Беларусь, 2005. – 215 с. (Інфармацыю падрыхтавалі: Вазняк Н.Л., Дамброўскі В.Ч., Жураўлёў Д.В., Казулін А.В., Максіменкаў М.В., Скуратовіч А.М.).

Складальнікі :


* Выкарыстанне змешчанай тут неапублікаванай інфармацыі для навуковых публікацый без пісьмовай згоды яе аўтараў забаронена. У выпадку выкарыстання часткі кантэнту або старонкі цалкам на іншых інтэрнет-рэсурсах, абавязковая спасылка на аўтараў і сайт iba.ptushki.org

Фота:

Захавальнікі

Навіны

twitter.com facebook.com vkontakte.ru odnoklassniki.ru mail.ru yandex.ru